СПЕЦПРАЕКТ «БЕЛСАТУ»
Фотагісторыя пра жывёлінаў, якія не сталі каўбасой.
ТУТ НЕ ЗАБІВАЮЦЬ
Поні Варвару на мяса здаў гаспадар. Яго, бацьку дзіцяці з інваліднасцю, не спыніла нават тое, што жывёліна навучаная метаду верхавой язды для рэабілітацыі асаблівых дзяцей. Мужчыну былі патрэбныя грошы.
Выратавала Варвару ўкраінка Аляксандра. Ужо больш за шэсць гадоў жанчына купляе на бойні жывёлу і селіць яе ў сваім прытулку ва ўкраінскай вёсцы Красаў.
Прытулак «Вугольчык» Аляксандра Лявіцкая заснавала ў 2014 годзе. Гэта самае вялікае ў Еўропе месца для чатырохногіх сельскагаспадарчых «пенсіянераў». Права на годную старасць тут атрымалі больш за 600 жывёлінаў.
Усё пачалося з аднаго каня, якога ў 2013 годзе жанчына, пашкадаваўшы, выкупіла ў мясніка. Потым другі, пяты... дзясяты.
З часам мяснікі сталі самі тэлефанаваць і прапаноўваць выкупіць коней, кароў, коз, авечак, поні... Часам тэлефануюць ўладальнікі і прапаноўваюць набыць жывёлу проста ў іх.
– Тпру-у-у-у!
– Дзядзька Віця, ён не разумее! Трэба крычаць «Стоп!». Ён акрамя фермы і іпадрому нічога не бачыў!

НЕ ФЕРМА
Нядаўна ў прытулак прывезлі некалькі коней элітнай пароды. Цяпер жывёла прызвычайваецца да людзей і ад'ядаецца. Усё сваё жыццё коні служылі «інкубатарам» для новых чэмпіёнаў іпадромаў. Адна з асаблівасцяў гэтай пароды, як кажа адміністратарка прытулку Наталля, – пладавітасць.
Кабылу можна пакрываць ледзь не на наступны дзень пасля родаў. Праўда, будучага чэмпіёна ў гэтай сітуацыі ўжо выхоўвае непародзістая кабыла, а ейнае жарабя часцяком аддаюць на мяса.
Цяпер у прытулку жывуць больш за 300 жывёлінаў. Аляксандра і Наталля ўвесь час шукаюць людзей, гатовых забраць каго-небудзь з іх падапечных. Жанчыны кажуць, што цяжэй за ўсё ўладкаваць кароў. У прытулку «Вугольчык» іх не абсемяняюць, таму каровы не даюць малака.
– Карову, якая ацялілася ўжо ў нас, і пакуль яшчэ дае малако, на нейкі час узяла адна сям'я з суседняй вёскі. Доўга іх угаворвала! Але мянушку жывёле яны да гэтага часу не прыдумалі. Кажуць – назавеш, абвыкнеш, а потым што рабіць, калі аддаваць прыйдзецца? А аддаваць прыйдзецца: калі каровы не абсемяніць зноў, яна перастане даваць малако. Таму так і жыве, без імя, – распавядае адміністратарка прытулку «Вугольчык».
Наталля пераехала ў Красаў з Беларусі падлеткам – бацькам прапанавалі працу ў тамтэйшым калгасе.
«Вугольчык» для яе – спосаб змяніць свет. Праўда, паўплываць на дарослага чалавека нашмат складаней, чым змяніць стаўленне дзіцяці і падлетка да жывёлы. Таму жанчына верыць, што будучыня – за моладдзю. Трэба ўсяго толькі падаць слушны прыклад.
Жывёлу тут адкормліваюць і лечаць. Мясцовыя гэтай часткай жыцця прытулку не цікавяцца, але ахвотна скардзяцца, што скаціна галадае, мерзне і пакутуе.
Жывёлу тут адкормліваюць і лечаць. Мясцовыя гэтай часткай жыцця прытулку не цікавяцца, але ахвотна скардзяцца, што скаціна галадае, мерзне і пакутуе.
– А я ім кажу: вы бачылі старога чалавека? З жывёлінамі тое ж самае. Паглядзі, гэтая вось кульгае, а тая – дзівімся, што яшчэ ходзіць. Гэтую кабылу да нас прывезлі такую ўбогую, хворую, з кашлем, што думалі – ну, дакладна здохне! Гаспадары яе «адпаілі» – разагрэтай далі халодную ваду... А яна ўжо другую зіму ў нас перажыла, – распавядае Наталля.
Жывёла, пераважна коні, якія патрабуюць адмысловай апекі, застаецца «на каранціне». Прытулак арандуе некалькі стойлаў на львоўскім іпадроме.
Не ўсіх жывёлінаў забіраюць у мяснікоў. Некаторых «пенсіянераў» купляюць у фермераў. Гэтак у прытулку «Вугольчык» з'явіўся статак састарэлых авечак. Ёсць нават горны казёл на мянушку Эрык. Яго, як і большасць, вылегчалі і адпусцілі на вольны выпас.
Сабакаў і катоў сюды пераважна падкідваюць. Хворыя і старыя – жывуць у Аляксандры. Астатнія вырачаныя на «пажыццёвае» ў вальерах. Па суседстве, таксама ў клетцы, жыве дзікая ліса. Яе адну з памёту людзі адбілі ў паляўнічых і аддалі ў прытулак. Ліса ўжо не пражыве без «Вугольчыка». Замест маці-лісіцы пра яе клапацілася Наталля.
– У нас жывёла прышчэпленая, з ветпашпартамі. Усё як у людзей, – распавядае адміністратарка прытулку.
Свята для прытулку – знайсці для гадаванца дом. Нават калі гэта часовы прыстанак. Кабыле Ружы пашанцавала. Цэлае лета яна правяла ў сваёй 14-гадовай апякункі Марты. Дзяўчынка доўга ўгаворвала Наталлю даверыць ёй Ружу, нават прывяла з сабой бабулю. Канчаткова пераканала адміністратарку тое, што Марта праслухала лекцыю аб даглядзе за чатырохногімі.
ГУЛЬНІ З АГНЁМ
Два гады таму прытулак размяшчаўся ў суседняй з Красавам вёсцы Бродкі і быў сапраўднай косткай у горле жыхароў. Яны ўвесь час скардзіліся на смурод, шум і гной, які выцякаў на вясковую вуліцу. А ўсё таму, што Аляксандра трымала жывёлінаў на асабістым падворку. І хоць стойлы былі адаптаваныя для зручнасці жывёлінаў, месца было неадпаведным. Літаральна за некалькі крокаў ад дому Аляксандры стаялі школа, царква і мясцовыя могілкі.
У ноч з 7 на 8 студзеня 2018 года на надзеле адбыўся пажар. Пакуль суседзі прыглядалі за немаўлём Аляксандры, заснавальніца прытулку выводзіла з агню жывёлінаў.
Некалькі катоў і шчанюкоў згарэла жыўцом, астатніх удалося выратаваць.
Аляксандра кажа, што магчымая прычына пажару – замыканне праводкі. Але сама ў гэта да канца не верыць, успамінаючы праклёны «Каб ты згарэла са сваім прытулкам!», якія не адзін раз чула ад аднавяскоўцаў.
Аляксандра, заснавальніца прытулку «Вугольчык», змяніла сваё стаўленне да мясной ежы пасля таго, як стала сведкай жорсткага абыходжання з жывёлінамі ў Афрыцы. Пра сябе кажа, што ўсё жыццё адчувала адказнасць за тых, хто мае патрэбу ў дапамозе.
Жанчына прызнаецца, што ёй вельмі хочацца «нармальнага жыцця»: нарэшце ўладкавацца на «нармальную» працу і пераехаць у дом, дзе будзе вада і не будзе страху, што праціўнікі прытулку знойдуць ейную сям'ю і зробяць нешта дрэннае. Але кінуць жывёлінаў яна не можа. Хоць сілаў усё менш.
– У вас тут прытулак ёсць...
– Ой! Ды там жывёла галадае! Вы б іх бачылі! А смярдзіць там як! А Наталля гэтая – гадзюка! Кажу табе, я яе з нараджэння ведаю! І маці яе ведаю... Гадзюка, а не баба!
– А я толькі што з прытулку – мне вось не смярдзела. Вы там былі?
– Навошта? Людзі ж кажуць!

Пераезд прытулку ў Красаў раззлаваў некаторых мясцовых жыхароў. Яны пачалі вайну супраць «Вугольчыка» наагул, Аляксандры і Наталлі – у прыватнасці.
Людзі нібыта і не супраць жывёлінаў, але ў той жа час шмат хто з іх хавае асабістую крыўду на Наталлю, а Аляксандру называюць «маскалькай» і «кацапкай» з-за таго, што яна – украінка, якая размаўляе па-расейску.
СІЗІФАВА ПРАЦА
Непадалёк ад «Вугольчыка» львоўскі бізнесовец Сяргей выкупіў зямлю і пабудаваў забаўляльны комплекс. З аднаго боку, пераследуючы свае інтарэсы, з другога – часткова падзяляючы ідэю дапамогі жывёлінам, ён дазволіў пасвіцца некаторым чатырохногім на тэрыторыі комплексу. Гэта не спадабалася мясцовым праціўнікам прытулку, адзначае Сяргей. Ён лічыць, што «ананімка» аб тым, што ягоная будаўнічая тэхніка стаіць у неналежным месцы – своеасаблівая помста за дапамогу «Вугольчыку».
– Тут, у Заходняй Украіне, ты – ізгой, калі не жывеш паводле схемы. Таму Наташа і Саша са сваім прытулкам тут ледзь выжываюць. А я лічу, што калі чалавек знайшоў для сябе нейкую тэму, нейкі занятак, то няхай і займаецца, – кажа бізнесовец.
Улетку ў прытулку працавалі восем чалавек. Яны – менавіта работнікі, а не валанцёры. Усе атрымлівалі зарплату, абед і жыллё. Жыхароў з суседніх паселішчаў на працу ў прытулак не бяруць. Тыя кралі, пілі і гультаявалі.
Таму з мясцовых тут – толькі пастух дзядзька Міша. Кожны дзень ён прыязджае на працу са Львова.
Адміністратарка прытулку прызнаецца, што для паўнавартаснай працы патрэбныя яшчэ як мінімум два-тры работнікі. Яна шукае тых, з кім не трэба няньчыцца. Жанчына не толькі займаецца адміністрацыйнымі пытаннямі, але і нароўні з мужчынамі працуе, будуе сховішча для сена.
– Без мяне яны не хочуць, – уздыхае Наталля.
ШЧАСЦЕ Ў ГРОШАХ
Аперацыя сабаку Рудзі каштавала 5000 грыўняў (каля 190 еўраў). Для прытулку, які не вылазіць з даўгоў, гэта немаленькая сума. Але Аляксандра не магла не дапамагчы сабаку…
Колькі каштуе ўтрыманне прытулку, філіял якога ёсць яшчэ ў Мікалаеўскай вобласці, яна не прызнаецца. Кажа, ужо неяк назвала прыблізную суму ў інтэрв'ю, а цяпер адбіваецца ад папрокаў мясцовых і пытанняў падатковай.
Аляксандра адзначае, што на практыцы ўкраінскае заканадаўства ў сферы дабрачыннасці не ідэальнае, а пастаўшчыкі кармоў і будматэрыялаў не заўсёды хочуць працаваць паводле накладных. Даводзіцца дамаўляцца і пастаянна працаваць над павелічэннем колькасці ахвяраванняў. А гэта задача не з лёгкіх.
Ахвяраванні неабыякавых людзей з усяго свету – адзіная
крыніца фінансавання прытулку.
– Іншаземец робіць шырокі жэст, ахвяруе нам тысячу долараў, і ўсе ў захапленні: гэта ж тысяча долараў! А тое, што гэтых грошай хапае літаральна на два дні працы прытулку, хто гэта лічыць, акрамя мяне? – уздыхае Аляксандра.

Асабліва «Вугольчыку» дапамагае сястра Аляксандры, якая жыве ў Амерыцы і актыўна пра яго расказвае. Аднак апошнім часам, кажа заснавальніца прытулку, ахвяраваць больш пачалі і ўкраінцы. Праўда, грошай усё роўна не хапае на паўнавартасную працу. Прытулак цудам зводзіць канцы з канцамі. Сілаў, каб працягваць барацьбу за яго, у Аляксандры і Наталлі ўжо практычна не засталося. Але яны не апускаюць рук: Варвары, Боні, Канюшыне, Форду, Фіёне і яшчэ дзясятку гадаванцаў «Вугольчыка» патрэбны прытулак і новая порцыя корму.
Калі вы хочаце дапамагчы прытулку, рэквізіты тут.
Фота і тэкст: Юля Шаблоўская
Рэдактаркі: Лола Бурыева,
Вольга Ярохіна
Дызайнерка: Наста Храловіч
Перакладчыца: Іна Рэўт
Made on
Tilda