СПЕЦЫЯЛЬНЫ РЭПАРТАЖ VOT TAK TV
Домік у чарнобыльскай зоне
Колькі каштуе, і чаму людзі сюды едуць
СПЕЦЫЯЛЬНЫ РЭПАРТАЖ VOT TAK TV
Домік у чарнобыльскай зоне
Колькі каштуе, і чаму людзі сюды едуць
Зона адчужэння сёння – папулярнае ва ўкраінцаў месца для жыцця. Праз 34 гады пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС людзі ўжо не баяцца радыяцыі ды едуць сюды, бо танна, ціха і блізка да Кіева.
Алёна Калнагузенка ўцякала ад вайны двойчы. Першы раз яна спехам з'язджала з Грознага на пачатку 1990-х праз першую чачэнскую, другі – з Луганску ўлетку 2014-га, ратуючыся ад расейскай вайны на Данбасе.

Цяпер яна жыве за чатыры кіламетры ад чарнобыльскай зоны адчужэння ў вёсцы Зялёная Паляна Кіеўскай вобласці. Кажа, што пачуваецца выдатна.
«Чыстае паветра, блізка лес, возера, – тлумачыць жанчына. – Мне здаецца, я стала тут здаравейшая».
У двары ў Калнагузенкі растуць кветкі. Тут жа бегаюць тры малыя ўнучкі, якія прыехалі на лета з Кіева. На гэтай невялікай вуліцы яшчэ чатыры дамы, набытыя сталічнымі жыхарамі пад лецішчы.

Свой дом плошчай 140 квадратных метраў Алёна набыла ў 2014 годзе за 5000 долараў. Яго кошт у валюце быў бы цяпер такі самы, але эквівалент у грыўнях праз падзенне курсу – вышэйшы ўдвая.
Пасля таго, як у ейны дом трапіў снарад, Алёна Калнагузенка зʼязджала з Луганску. Яна забрала маму і тыя рэчы, што змясціліся ў яе «Volkswagen». Спярша яна выглядала дамы бліжэй да Кіева, але як зразумела, што грошай не хопіць, знайшла жытло ў Зялёнай Паляне.
Пасля таго, як у ейны дом трапіў снарад, Алёна Калнагузенка зʼязджала з Луганску. Яна забрала маму і тыя рэчы, што змясціліся ў яе «Volkswagen». Спярша яна выглядала дамы бліжэй да Кіева, але як зразумела, што грошай не хопіць, знайшла жытло ў Зялёнай Паляне.
Праз 34 гады пасля чарнобыльскай катастрофы радыяцыя больш не палохае ўкраінцаў. Жытло побач з зонай адчужэння прыцягвае нізкімі коштамі, прыгажосцю мясцовай прыроды і блізкасцю да сталіцы. Ад Зялёнай Паляны да Кіева 130 кіламетраў, да Прыпяці – 60 кіламетраў.
Зоны радыяцыі
Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС радыяцыя распаўсюджвалася з ветрам, дажджамі, а таксама па рэках і падземных водах нераўнамерна, плямамі.

Ва Украіне радыяцыя закранула пяць вобласцяў. Найбольш пацярпелі Кіеўская і Жытомірская, якія цяпер месцяцца ў першай зоне забруджвання. Закрытая 30-кіламетровая тэрыторыя вакол эпіцэнтру аварыі цяпер агароджаная калючым дротам. Там жывуць 107 пажылых самасёлаў, якія адмовіліся пакідаць родныя мясціны.

У некалькіх дзясятках вёсак адразу за калючкай – у другой, у трэцяй і чацвёртай зонах забруджвання – застаюцца тысячы людзей. У 2015 годзе чацвёртую зону адмянілі. Гэтыя тэрыторыі ўжо лічацца чыстымі, хоць мясцовыя жыхары дагэтуль атрымліваюць чарнобыльскія льготы.
Конь Зорка пасецца на беразе возера. Свой дом Алёна Калнагузенка набыла менавіта з-за блізкасці да возера. Мясцовыя жыхары кажуць, што раней вада ў ім была чысцейшая.
Конь Зорка пасецца на беразе возера. Свой дом Алёна Калнагузенка набыла менавіта з-за блізкасці да возера. Мясцовыя жыхары кажуць, што раней вада ў ім была чысцейшая.
Жыллёвы бум
Зялёная Паляна адносіцца да былой чацвёртай зоны. У той жа час раённы цэнтр Іванкоў належыць да трэцяй, хоць ён і далей ад Чарнобылю.

Алёна абрала дом з-за надзейных цагляных сценаў, цэлага даху і прымальнай цаны. Адыгралі ролю і звесткі дазіметра, якія паказалі норму.
«Зяць сказаў, што дом можна браць, тут добрая экалогія», – кажа жанчына.
Алёна Калнагузенка
Алёна Калнагузенка
Ганна, дачка Алёны, кажа, што вёска зручная тым, што ёсць водаправод, газ і добрыя дарогі.
«Таму людзі перасяляюцца сюды», – дадае яна.
Знайсці ды аформіць дом сям'і Калнагузенка дапамагла юрыст і былая рыэлтарка з Іванкова Кацярына Марчанка. Яна кажа, што попыт на жытло каля зоны стабільна высокі.
«Сёння я была ў Раманаўцы, афармляла адразу пяць дамоў. Рэлігійная грамада іх выкупляе», – кажа Марчанка.
Вёскі ў зоне адчужэння, дзе жывуць героі рэпартажу
Вёскі ў зоне адчужэння, дзе жывуць героі рэпартажу
Раманаўка шчыльна прымыкае да зоны адчужэння. Людзей вабіць ціхая мясцовасць і кошт жытла, які стартуе ад 20 000 грыўняў (каля $ 750). А за 30 000 грыўняў (каля $ 1100), паводле рыэлтара, можна набыць цагляны дом плошчай 80 м².

Перасяленцы з Данбасу ўжо рассяліліся, і жытло каля Чарнобылю цяпер купляюць збольшага жыхары Кіева і Кіеўскай вобласці. Марчанка кажа, што ў сувязі з каранцінам кіяўляне з'явіліся ў кожнай вёсцы.
«Вось я гляджу пашпарты – усюды кіеўская прапіска. Нікога ўжо не палохае зона. Вымерайце радыяцыю – у Кіеве вышэйшая», – кажа спецыялістка.
У студзені – сакавіку 2020 года ў Іванкоўскі раён прыехалі 50 чалавек, у Палескі – восем.
Новыя дзеці
Жыць каля зоны ўсё яшчэ небяспечна: не ўсю радыяцыю можна вымераць бытавым дазіметрам, які ўлоўлівае толькі выпраменьванне гама-, але не альфа- і бэта-спектру, сцвярджаюць фізікі ды эколагі.
«Частка забруджвання сышла ў глыбіню: яно можа прысутнічаць як у прадуктах лесу, гэтак і ў прадуктах сельскай гаспадаркі».

Рашыд Алімаў
Кіраўнік праекту энергетычнай праграмы «Greenpeace Расеі»
Рашыд Алімаў нядаўна правёў радыелагічную выведку ў зоне забруджвання ў Бранскай вобласці Расеі. Ён кажа, што лес, у якім гэтак любяць гуляць жыхары зоны, небяспечны. Небяспечныя таксама лясныя грыбы і ягады.
«Радыенукліды ёсць у лясным падсціле і ў камлях дрэваў, якія выраслі за апошнія трыццаць гадоў. Гэтыя элементы не паспелі сысці на вялікую глыбіню, як тое адбылося на палях», – кажа ён.
Увесну 2020 года вакол Рагаўкі гарэў лес. Тут вельмі шмат пустых дамоў. Цяпер гэта папулярнае месца для загараднага жыцця кіяўлянаў.
Увесну 2020 года вакол Рагаўкі гарэў лес. Тут вельмі шмат пустых дамоў. Цяпер гэта папулярнае месца для загараднага жыцця кіяўлянаў.
Старая Маркаўка з трох бакоў акружаная вёскамі-прывідамі. Наталля Ткачэнка жыве тут разам з мамай, якая не выязджала з вёскі з часу аварыі на ЧАЭС.

Жанчына ніколі не баялася збіраць грыбы і ягады ў мясцовым лесе. Кажа, што ведае ўсе небяспечныя радыеактыўныя плямы.

Праходзячы ўглыб лесу, яна паказвае, дзе раней былі адселеная ў 1986 годзе вёска Бабёр і закрытая ў 1992-м вёска Новая Маркаўка.
«У 1992 годзе ў нашай вёсцы выселілі людзей з малымі дзецьмі ды закрылі школу. Але з таго часу нарадзіліся новыя дзеці. Шмат дзяцей», – кажа яна.
Лес для Наталлі Ткачэнкі – частка жыцця.
Лес для Наталлі Ткачэнкі – частка жыцця.
Ткачэнка паказвае, што праз пяцьсот метраў пачынаецца Чарнобыльская пушча – радыеактыўны лес, які ўваходзіць у зону адчужэння.

У Старую Маркаўку таксама прыязджаюць людзі. Найчасцей гэта дачнікі з Кіева. Але сёлета красавіцкія пажары знішчылі большую частку лесу. Жанчына паказвае згарэлы мурашнік і распавядае пра зайцаў, якія выбягалі з гушчару, ратуючыся ад пажараў.
«Быў такі прыгожы лес – і вось такое здарылася», – кажа яна, паказваючы на счарнелыя дрэвы.
Жытло ў арэнду за капейкі
Вёска Базар Жытомірскай вобласці трапіла ў другую зону забруджвання пасля таго, як на пачатку 1990-х там выявілі радыеактыўны ёд. З-за гэтага статусу там дагэтуль нельга купіць жытла, але ахвочых сюды пераехаць штогоду ўсё больш.


Былы мэр, а цяпер стараста вёскі Аляксандр Будзько ў сярэдзіне 2000-х прапанаваў здаваць пустыя дамы ўсяго за 25 капеек за квадратны метр: арандаваць дом можна за 15–20 грыўняў (прыкладна $ 0,75).
Вёска, дзе жыве Наталля Ткачэнка, месціцца за паўкіламетра ад радыеактыўнага лесу
Вёска, дзе жыве Наталля Ткачэнка, месціцца за паўкіламетра ад радыеактыўнага лесу
Будзько рэкламаваў прапанову ў газетах ды інтэрнэце. У вёску сталі прыязджаць людзі – у асноўным былыя жыхары, што сумуюць па родных мясцінах. А ў 2014 годзе прыбылі першыя перасяленцы з Данбасу – пажылая пара з Луганску, а потым і іхныя дзеці, медыкі паводле адукацыі.
«Доктар з сям'ёй ужо з'ехаў у Эміраты, а бацькі засталіся», – гаворыць Будзько. І дадае, што нядаўна ў Базар перабралася сям'я з Кіраваграду.
Вёска Базар. 2016 год
Вёска Базар. 2016 год
Цяпер у Базары 573 жыхары. А ў 2004-м, калі Будзько стаў мэрам, тут было каля 240 чалавек. Прыналежнасць да другой зоны забруджвання ўскладняе пераезд у вёску. Стараста ўжо шмат гадоў дамагаецца, каб гэты статус знялі ці хаця б перавялі ў трэцюю зону.
«У нас тут чыста, – кажа Будзько. – Спадзяемся, нашыя просьбы пачуюць».
Пажар увесну 2020 года жыхары Старой Маркаўкі тушылі ўсёй вёскай. Падчас бедства ва ўсёй чарнобыльскай зоне пацярпела больш за 11 тыс. гектараў лесу.
Пажар увесну 2020 года жыхары Старой Маркаўкі тушылі ўсёй вёскай. Падчас бедства ва ўсёй чарнобыльскай зоне пацярпела больш за 11 тыс. гектараў лесу.
Не ўсе падзяляюць ягоны аптымізм. Эколаг Рашыд Алімаў сцвярджае, што перыяд паўраспаду цэзію і стронцыю – каля 30 гадоў, але нават пасля гэтага яны небяспечныя.
«Ізатопы плутонію гэтак хутка не распадаюцца. А ў амерыцыю, наадварот, павялічваецца колькасць гэтага радыенукліду», – тлумачыць Алімаў.
Унучкі Алёны Калнагузенкі праводзяць лета ў Зялёнай Паляне
Унучкі Алёны Калнагузенкі праводзяць лета ў Зялёнай Паляне
Акрамя павышанай рызыкі анкалагічных захворванняў, некаторыя даследаванні сведчаць пра негатыўны ўплыў радыенуклідаў на разумовае развіццё дзяцей.
Добрыя суседзі
закінутыя вёскі перамяжоўваюцца з жылымі. Уздоўж добра захаванай асфальтаванай дарогі растуць палявыя кветкі.

Каля пустой вёскі Пуховае мужчыны і хлопчыкі ловяць рыбу, п'юць піва і загараюць. 40-гадовы Руслан у камуфляжных штанах і кепцы закідвае вуду і распавядае, што ўжо дваццаць гадоў патрулюе блокпосты пры ўездзе ў зону адчужэння. Ён пацвярджае, што ў апошнія гады людзі з Кіева купляюць лецішчы ў навакольных вёсках з-за нізкай цаны і добрай інфраструктуры. З савецкага часу тут засталіся электрычнасць, водаправод і газ.
Алёна Калнагузенка хваліць гэтыя месцы за дабрыню людзей, якія дапамаглі ёй, гарадской жыхарцы, абжыцца. Спачатку валанцёры з Кіева прывезлі мэблю, пыласос, імбрык і лядоўню, пазней суседзі прыносілі ёй то бульбу, то малако.

Дом без вокнаў рамантавалі ўсёй сям'ёй, а за пяць гадоў пабудавалі яшчэ і альтанку. У мінулым годзе Алёна частавала ўсіх суседзяў выгадаванымі ёю памідорамі. У жанчыны інваліднасць з-за дыябету, але ў Зялёнай Паляне яна адчувае сябе нашмат лепш, чым у Луганску.
«Тут добрыя людзі, праўда, – кажа яна. – Я тут вельмі задаволеная».
Фатаграфіі – Настасся Уласава
Тэкст – Аксана Грыцэнка
Рэдактары – Юлія Шаблоўская і Дзяніс Дзюба
Таксама дзякуем Аліку Сардаранe за дапамогу падчас працы над праектам

Made on
Tilda